Усё менш і менш застаецца часу да самага вясёлага, самага чароўнага, самага цудоўнага свята - Новага года. Яго з нецярпеннем чакаюць не толькі дзеці, але і ўсе дарослыя.
Новы год - гэта самыя прыемныя ўспаміны з дзяцінства: падарункі, цукеркі, прыбраная ёлка, касцюмы, карагод вакол ёлкі і Дзед Мароз са Снягуркай.
Многія бацькі загадзя пытаюцца ў дзяцей, што яны хацелі б атрымаць у падарунак ад Дзеда Мароза, пішуць яму лісты. І вядома, некаторыя задаюцца пытаннем: ці трэба падтрымліваць у дзіцяці веру ў Дзеда Мароза?
Не ўсе бацькі падтрымліваюць веру сваіх малых у Дзеда Мароза. Адны лічаць, што не варта хлусіць дзіцяці - у любым выпадку яно калі-небудзь даведаецца праўду і моцна расчаруецца.
Іншыя лічаць, што дзеці павінны шанаваць намаганні сваіх бацькоў, якія імкнуцца падарыць да Новага года нешта прыемнае і ўзрадаваць сваё дзіця.
Ці верыць ваша дзіця ў Дзеда Мароза? Калі верыць - не варта разбураць яго дзіцячую веру ў казку.
Дзіця жыве казачным светаадчуваннем. Увесь свет для яго - цуд. Разбурэнне веры ў Дзеда Мароза - гэта адно з першых сутыкненняў са светам дарослых, з суровай рэальнасцю, дзе казцы няма месца. Але менавіта дзіцячая вера ў цуд будзе даваць яму надзею ў складаных сітуацыях. Важна і тое эмацыйнае перажыванне, якое адчувае дзіця, атрымліваючы чароўны падарунак ад добрага старога.
Магчыма, ён забудзецца многае з таго, як сустракаў Дзеда Мароза ў дзяцінстве, як чакаў яго прыходу, як з захапленнем разгортваў свой падарунак, але ў падсвядомасці застанецца тая радасць і шчасце, якое ён адчуваў у гэтыя хвіліны свайго дзяцінства. Радаснае чаканне цуду і выкананыя запаветныя дзіцячыя жаданні стануць станоўчым рэсурсам яго асобы.
Вельмі важна падрыхтаваць да сустрэчы з Дзедам Марозам дзяцей да трох гадоў, каб яны яго не спалохаліся, асабліва калі той да іх яшчэ ні разу не прыходзіў. Маленькіх дзяцей не рыхтуйце да Новага года задоўга. Час для іх цягнецца марудна. Нецярплівае дзіця мучыцца ад доўгага чакання.
• Расказвайце малому пра Дзеда Мароза. Хто ён такі? Як ён выглядае? Ён добры, дорыць падарункі і любіць маленькіх дзяцей. Растлумачце, што трэба рабіць, калі прыйдзе Дзед Мароз, расказаць верш ці праспяваць песеньку, а Дзед Мароз абавязкова падорыць падарунак, а вось які - гэта сюрпрыз.
• Развучыце вершы і навагоднія песенькі з дзіцем.
• Купіце кніжку з казкамі пра Дзеда Мароза, навагоднімі песнямі і малюнкамі навагодняй ёлкі, паглядзіце разам мультфільм, дзе прысутнічае Дзед Мароз.
• Купіце дзіцяці цацачнага Дзеда Мароза і разам пагуляйце з ім.
• Растлумачце, што вы хутка пойдзеце разам на навагодняе свята. Там будзе шмат дзяцей, і прыйдзе Дзед Мароз са Снягуркай. Дзеці будуць вадзіць карагоды, і спяваць песні, а Дзед Мароз будзе дарыць падарункі.
У гэтым узросце дзіця ўжо знаёмае з Дзедам Марозам і не баіцца яго. Але ён чакае атрымаць нейкі жаданы падарунак. Для дзяцей падрыхтоўка да свята ўзмацняе тыя шчаслівыя пачуцці ад атрымання падарунка, навагодніх карагодаў і сямейнай урачыстасці.
• У гэтым узросце для дзіцяці вельмі важна паўдзельнічаць у карагодзе на дзіцячым свяце, праспяваць песеньку і атрымаць за гэта падарунак. Не забудзьцеся пахваліць дзіця за гэта.
• У снежні выходзьце на прагулкі па святочна упрыгожаным горадзе, дазвольце выбіраць дзіцяці ўпрыгожванні для ёлкі, хлапушкі, ракеты, серпантын і бенгальскія агні, упрыгожвайце дом і ёлку разам і абмяркоўвайце з дзіцем святочнае меню.
• Напішыце ліст Дзеду Марозу. Пасля гэтага арганізуйце ўпотай ад маляняці "адказ" Дзеда Мароза.
• Калі пасля дзіцячага ранішніка дзіця засмучанае, што падарунак не той, які ён хацеў атрымаць, паабяцайце, што Дзядуля Мароз абавязкова прыйдзе яшчэ раз чароўную навагоднюю ноч і пакіне «сапраўдны падарунак», менавіта той, пра які ён марыў.
Не бойцеся веры дзіцяці ў Дзеда Мароза, яна дапаможа і Вам, і вашаму дзіцяці атрымаць вялізную колькасць пазітыўных эмоцый ад гэтага чароўнага свята.