Характарыстыка фізічнага і псіхічнага развіцця дзіцяці шостага года жыцця

Фізічнае развіццё дзяцей ад 5 да 7 гадоў. На шостым годзе жыцця ў фізічным развіцці дзяцей адбываюцца істотныя змены. Маса цела дзіцяці павялічваецца прыкладна на 200 г у месяц, даўжыня цела — на 0,5 см. К шасці гадам рост дзяцей дасягае 111—121 см, маса цела — 19,0—24,1 кг, акружнасць грудной клеткі — 57—58 см.

Узрастае роля кары галаўнога мозга ў рэгуляцыі паводзін дзяцей. Удасканальваюцца працэсы вышэйшай нервовай дзейнасці. Значна павялічваецца рухавасць дзяцей, яны паспяхова авалодваюць асноўнымі рухамі.

Сацыяльна-маральнае і асобаснае развіццё дзяцей. У гэтым узросце ў дзяцей  істотна павялічваецца ўзровень адвольнага кіравання сваімі паводзінамі, што станоўча адлюстроўваецца на ўсіх баках іх развіцця.

Развіваецца валявая сфера дзіцяці: становіцца магчымым абмежаванне сваіх жаданняў, пастаноўка пэўных мэт, пераадоленне перашкод, якія стаяць на шляху іх дасягнення, правільная ацэнка вынікаў уласных дзеянняў. Фарміруецца сузалежнасць матываў: адзначаецца перавага абдуманых дзеянняў над імпульсіўнымі, з’яўляецца пачуццё абавязку ў адносінах да іншых людзей. Праяўляюцца імкненне кіраваць сабой і сваімі ўчынкамі, уменне кантраляваць сваю рухальную актыўнасць, дзейнічаць дакладна па ўказаннях дарослага, падпарадкоўвацца правілам. Асабліва важнае значэнне мае кіраванне сваімі паводзінамі для стварэння перадумоў вучэбнай дзейнасці. Дзеці шостага года жыцця разумеюць сэнс задачы, пастаўленай дарослым (педагогам, бацькамі і інш.), самастойна выконваюць указанні, накіраваныя на спосаб выканання задання.

Удасканальваецца сюжэтна-ролевая гульня, у якой выхаванцы адлюстроўваюць падзеі грамадскага жыцця, якія часта далёка выходзяць за рамкі іх асабістага вопыту. Дзеці пачынаюць асвойваць сацыяльныя адносіны і разумець падпарадкаванасць пазіцый у розных відах дзейнасці дарослых: адны ролі становяцца для іх больш прывабнымі, чым іншыя. Маўленне, якое суправаджае рэальныя адносіны дзяцей, адрозніваецца ад ролевага маўлення. Выхаванцы ўжо могуць размяркоўваць ролі да пачатку гульні і будаваць свае паводзіны, прытрымліваючыся ролі. Аднак пры размеркаванні роляў могуць узнікаць канфлікты, звязаныя з субардынацыяй ролевых паводзін. Назіраецца арганізацыя гульнявой прасторы, у якой вылучаюцца сэнсавы «цэнтр» і «перыферыя» (у гульні «Бальніца»  такім  цэнтрам  з’яўляецца  кабінет  доктара,  у  гульні «Цырульня» — зала стрыжкі, а зала чакання выступае ў якасці перыферыі гульнявой прасторы). Дзеянні дзяцей у гульнях становяцца больш разнастайнымі. У сумесных гульнях фарміруецца сістэма ўзаемаадносін паміж дзецьмі: іх узаемныя прыхільнасці, сімпатыі і антыпатыі. Гульнявое ўзаемадзеянне суправаджаецца маўленнем, якое адпавядае і зместу, і інтанацыйна ўзятай ролі.

Істотную ролю пачынаюць выконваць элементы працоўнай дзейнасці. Дзеці здольны сістэматычна выконваць пасільныя працоўныя абавязкі. Больш значнымі становяцца грамадскія матывы працы, якія праяўляюцца ў імкненні зрабіць карыснае для іншых.

Пазнавальнае развіццё. Уменне кіраваць сваімі паводзінамі аказвае ўплыў на развіццё псіхічных працэсаў: увагі, памяці, маўлення, мыслення, уяўлення. Назіраецца пераход ад міжвольных форм да адвольных. Увага становіцца больш устойлівай. Завучваючы вершы, тэксты, лічылкі, дзеці наўмысна іх паўтараюць. Працягваюць развівацца размеркаванне, здольнасць пераключаць увагу. Развіццю адвольнага запамінання спрыяе значнасць матэрыялу для практычнай дзейнасці (запомніць што-небудзь для гульні, для перадачы даручэння выхавацеля, для выканання патрабаванняў дарослага).

Пад уплывам назіранняў за навакольным і накіраванага сэнсарнага выхавання адбываецца ўдасканаленне ўспрымання. Дзеці здольны ацаніць не толькі ўласцівасці прадметаў, але і іх разнавіднасці. Яны адчуваюць характар, настрой твораў літаратуры, музыкі і выяўленчага мастацтва, адрозніваюць іх жанравыя асаблівасці, форму, выразна-выяўленчыя сродкі (выразнасць інтанацыі, вобразныя словы і выразы, тэмп, рытм, дынаміку, тэмбр, кампазіцыю, колер, гармонію ўласцівасцей).

Істотныя змяненні адбываюцца ва ўменні арыентавацца ў прасторы. Дзеці ўпэўнена вызначаюць напрамак у прасторы, узаемнае размяшчэнне прадметаў у аглядных прасторавых сітуацыях, заўважаюць змяненні ў афармленні і абсталяванні памяшканняў. Замацоўваюцца ўяўленні пра паслядоўнасць пор года, засвойваюцца ўяўленні пра час сутак («учора», «сёння», «заўтра»).

Маўленчае развіццё. Багацей становіцца лексіка: актыўна выкарыстоўваюцца сінонімы і антонімы. Удасканальваецца граматычны лад маўлення. Дзеці выкарыстоўваюць практычна ўсе часціны мовы, актыўна займаюцца словатворчасцю. Развіваецца звязнае маўленне. Выказванні дзяцей паступова набываюць больш звязны характар. Дзеці могуць пераказваць, расказваць па  малюнку, перадаючы не толькі галоўнае, але і дэталі.

Працягвае ўдасканальвацца маўленне, у тым ліку яго гукавы бок. Большасць дзяцей шасці гадоў правільна ўзнаўляюць усе гукі роднай мовы (шыпячыя, свісцячыя і санорныя), многія спецыфічныя гукі рускай мовы. У авалоданні беларускай мовай становіцца магчымым пераход ад разумення простых слоў і сказаў да ўзнаўлення іх у актыўным маўленні. Развіваюцца фанематычны слых, інтанацыйная выразнасць маўлення пры чытанні вершаў, у гульнях-драматызацыях, сюжэтна-ролевых гульнях і ў паўсядзённым жыцці. Адзначаецца актывізацыя цікавасці да казак, якія выступаюць сродкам эмацыянальнага і інфармацыйнага ўздзеяння на асобу дзіцяці, перадачы жыццёвага і маральнага вопыту людзей.

Пераважнай формай зносін дзіцяці з дарослымі становяцца асобасныя зносіны, накіраваныя на дасягненне  ўзаемаразумення, атрыманне ад дарослага ацэнкі ўласцівасцей і якасцей уласнай асобы. На аснове больш складаных форм зносін з дарослымі, удзелу ў розных відах сумеснай дзейнасці, узаемадапамогі ў гульнях і занятках, выканання элементарных абавязкаў у дзяцей адбываецца далейшае развіццё маўлення, пачуццяў, валявых і маральна-этычных якасцей.

Эстэтычнае развіццёПрацягвае развівацца прадукцыйная дзейнасць. Малюнкі выхаванцаў набываюць сюжэтны характар. Часта сюжэты паўтараюцца з невялікімі ці, наадварот, істотнымі змяненнямі. Малюнак чалавека становіцца больш дэталізаваным і прапарцыянальным. Па малюнку можна меркаваць пра палавую прыналежнасць і эмацыянальны стан намаляванага чалавека. Паміж малюнкам і асобай дзіцяці, узроўнем яго разумовай адоранасці існуе відавочная адпаведнасць. (Л. С. Выгоцкі разглядае малюнак дзіцяці як своеасаблівае маўленне, сродак асэнсавання і выражэння сваіх перажыванняў і ведаў.) У малюнках, як і ў пабудовах, дзеці ўвасабляюць свае задумы, даводзяць іх да канца.

Канструктыўная дзейнасць характарызуецца ўменнем аналізаваць умовы, у якіх працякае гэта дзейнасць. Дзеці выкарыстоўваюць і называюць розныя дэталі канструктара. Могуць замяніць дэталі пабудовы ў залежнасці ад наяўнага матэрыялу.  Авалодваюць абагульненым спосабам абследавання ўзору. Здольны вылучаць асноўныя часткі будучай пабудовы. Канструяванне можа ажыццяўляцца на аснове схемы, па задуме  і  па  ўмовах.  Узнікае  канструяванне  ў  працэсе  сумеснай дзейнасці.

Крыніца:

Вучэбная праграма дашкольнай адукацыі

Здаровы лад жыцця

Равіццё дзяцей у тэатральна-гульнявой дзейнасці

Тэатр – наш сябар і дапаможнік

Навошта трэба развіваць дробную маторыку рук?