СУСВЕТНЫ ДЗЕНЬ БАРАЦЬБЫ СА СНІДАМ
01.12.2022Штогод 1 снежня ва ўсім свеце праводзяцца прафілактычныя мерапрыемствы ў рамках Сусветнай кампаніі супраць ВІЧ/СНІДу, прымеркаваныя да Сусветнага дня барацьбы са СНІДам. Сусветны дзень барацьбы са СНІДам быў заснаваны ў 1988 годзе па ініцыятыве Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і Генеральнай Асамблеі ААН. Гэты дзень стаў адным з найважнейшых міжнародных дзён, звязаных з павышэннем інфармаванасці і магчымасці адзначыць дасягненні ў сферы прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі і пашырэнні доступу да лячэння. Сімвалам барацьбы са СНІДам з'яўляецца чырвоная стужачка, якая абазначае падтрымку, спачуванне і надзею на будучыню без СНІДу. Сусветны дзень барацьбы са СНІДам заўсёды прысвечаны вызначанай тэме. Тэма гэтага года - "Час для роўнасці". Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя агульнасусветная колькасць людзей, якія жывуць з ВІЧ, у 2021 годзе склала 38,4 мільёна чалавек. Па стане на 1 лістапада 2022 года ў Беларусі з ВІЧ-станоўчым статусам пражывае больш за 24 тыс. чалавек. За апошняе дзесяцігоддзе найбольшая колькасць новых выпадкаў рэгіструецца ва ўзроставай групе 35-49 гадоў, пераважае палавы шлях перадачы ВІЧ - на яго долю прыпадае больш за 80% упершыню выяўленых выпадкаў.
У нашай краіне створана сістэма, якая забяспечвае максімальную даступнасць да кансультавання і тэсціравання на ВІЧ-інфекцыю. Прайсці тэсціраванне, у тым ліку ананімнае, можна ў любой установе аховы здароўя, якая мае працэдурны кабінет. На базе дзяржаўных арганізацый аховы здароўя і недзяржаўных некамерцыйных арганізацый функцыянуюць кабінеты прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі і ананімна-кансультатыўныя пункты, якія прадстаўляюць паслугі па кансультаванні і тэсціраванні на ВІЧ-інфекцыю для ключавых груп насельніцтва. Абследаванне на ВІЧ можна прайсці не толькі ва ўстанове аховы здароўя, але і дома самастойна, купіўшы тэст у аптэцы.
Дзякуючы скаардынаванай працы дзяржаўных, міжнародных і недзяржаўных некамерцыйных арганізацый у Рэспубліцы Беларусь сфарміравалася ўстойлівая тэндэнцыя да зніжэння захваральнасці на ВІЧ-інфекцыю і СНІД, а таксама смяротнасці ад прычын, звязаных з ВІЧ. Беларусь падтрымлівае статус элімінацыі перадачы ВІЧ ад маці дзіцяці, пашыраецца геаграфія сервісаў прадастаўлення прафілактычных паслуг для ключавых груп у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя.